У 1 квартале мабільны аператар МТС на 26% павялічыў інвестыцыі ў развіццё сеткі

27.05.2014

Паводле вынікаў 1 квартала 2014 года мабільны аператар МТС працягвае ўтрымліваць лідарства па абанентах на беларускім рынку. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года абаненцкая база аператара павялічылася на 3% і склала 5,4 мільёна карыстальнікаў.

Паколькі якасць галасавых паслуг і перадачы даных з'яўляецца для абанентаў вызначальным фактарам, МТС працягнуў павялічваць інвестыцыі ва ўласную сетку. Выдаткі на мадэрнізацыю ў першым квартале выраслі на 26% – да 65,1 мільярда беларускіх рублёў. Ключавымі праектамі для тэхнічных спецыялістаў МТС сталі: замена абсталявання на больш сучаснае, будаўніцтва новых і павелічэнне прапускной здольнасці дзейных базавых станцый, а таксама пашырэнне Ethernet-сеткі.

Рост інтэрнэт-абанентаў і інтэнсіўнае выкарыстанне мабільнага інтэрнэту праз мабільныя прылады адбіліся на росце паказчыка ARPU, які характарызуе сярэднемесячныя выдаткі абанентаў на сувязь. Паводле вынікаў першага квартала сярэдні рахунак на абанента склаў 58 615 беларускіх рублёў. Пры гэтым абаненты МТС займаюць адзін з першых радкоў у групе МТС па аб'ёмах спажывання паслуг – 452 хвіліны ў месяц (паказчык MOU).

Фінансавыя і аперацыйныя вынікі дзейнасці МТС у 1 квартале 2014 года дэманструюць стабільны рост па асноўных пазіцыях. Паказчык OIBDA, які характарызуе аперацыйны прыбытак кампаніі да выліку зносу асноўных сродкаў і амартызацыі нематэрыяльных актываў, павялічыўся на 25% у гадавым вылічэнні і склаў 577,83 мільярда беларускіх рублёў. Пры гэтым аб'ём выручкі мабільнага аператара, які з'яўляецца адным з ключавых крытэрыяў эфектыўнасці працы кампаніі, склаў 1093,87 мільярда беларускіх рублёў. Атрыманыя даходы дазволілі МТС удвая павялічыць падатковыя пералічэнні – да 318,3 мільярда беларускіх рублёў і зрабіць важкі ўнёсак у эканоміку краіны і развіццё грамадства.

«МТС упэўнена адчувае сябе на беларускім рынку і лідзіруе па асноўных напрамках работы тэлекамунікацыйнай кампаніі. Але трэба разумець, што за любой лічбай, што характарызуе аператара, стаіць вострая канкурэнтная барацьба за лаяльнасць кожнага абанента. Беларусы прад'яўляюць высокія патрабаванні да мабільнай сувязі, а свой выбар робяць зыходзячы з суадносін кошту і якасці паслуг. Таму МТС працягвае інвеставаць у сетку і павышаць хуткасць мабільнага інтэрнэту, пакідаючы кошт галасавых паслуг і мабільнага інтэрнэту на даступным узроўні», – адзначыў генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.

Патрэбна дапамога?